Ініцыятыўны мінчанін спрабуе навесці парадак у шматпавярховіку

Zviazda.by піша:

Як часта мы, стаміўшыся на працы ці пагрузіўшыся ва ўласныя праблемы, не звяртаем увагі на бытавыя недахопы. Перагарэла лямпачка ў пад'ездзе — пачакаем, пакуль пытанне вырашыць хто-небудзь з суседзяў, непрыемны пах — па лесвіцы можна ісці і трохі хутчэй. І такія хібы пачынаюць назапашвацца як снежны ком, пакуль за домам трывала не замацоўваецца слава «праблемнага».



«Незабыўны» пах

  Пля­цоў­ка збо­ру смец­ця ў не­па­срэд­най бліз­ка­сці ад пад'­ез­да

Аднак з такой сітуацыяй мірыцца гатовыя не ўсё. Колькасць зваротаў да камунальных службаў з нагоды дома па адрасе Убарэвіча, 38, корпус 2 рэзка вырасла пасля таго, як у верасні гэтага года кватэру ў ім набыў Сяргей Гаркоўскі. Гісторыя пачыналася добра: яшчэ гадоў 10 таму мужчына здымаў тут кватэру, умовы яму вельмі падабаліся, да таго ж ён заўсёды хацеў жыць на першым паверсе, так што пры куплі «сышліся зоркі». Аднак радасць набыцця жылля вельмі хутка азмрочыла з'яўленне ўстойлівага непрыемнага паху, які ахутаў усю кватэру. На пытанні Сяргея мясцовыя жыхары толькі разводзілі рукамі: гэта яшчэ кветачкі, вось летам...

Аказалася, што ў доме з перыядычнасцю мінімум раз у тыдзень забіваецца каналізацыя, у сувязі з чым спецыфічнае «амбрэ» ў літаральным сэнсе слова атакуе жыхароў першага паверха. Сяргей прывыкаць да гэтага быў не гатовы, таму пачалося яго «хаджэнне па пакутах», а дакладней, эпапея са зваротамі ў розныя інстанцыі.

Мужчына адразу абраў выразную тактыку: нікуды не тэлефанаваць, а пісаць афіцыйныя звароты ў двух экзэмплярах і рэгістраваць іх. Усё ж напісанага пяром не высечы сякерай. Пачалося ўсё са звароту ў ЖЭУ, потым на нумар 115, далей у ЖКГ Заводскага раёна. Тут мужчыну быццам бы выслухалі, каналізацыю прабілі, такое было і раней, аднак праз тыдзень сітуацыя паўтарылася зноў. Справа ў тым, што тры гады таму ў доме мянялі чыгунныя трубы на пластыкавыя, па ўсёй бачнасці, парушыўшы тэхналогію. А ў электрашчытавой не працуе выцяжка, з-за чаго пах «аператыўна» распаўсюджваецца па пад'ездзе. Да таго ж вакол збудавання не аднавілі адмостку, што прыводзіць да разбурэння падмурка. Так што неабходныя кардынальныя меры.

Аднак Сяргею паабяцалі — усё будзе зроблена. Час ішоў, а работы нават не пачыналіся... Не знайшоўшы падтрымкі ў ЖКГ, мужчына вырашыў звярнуцца ў санстанцыю, перад прыходам якой, зразумела, актывізаваліся камунальныя службы. У склеп у адпаведнасці з заканадаўствам падчас афіцыйнага агляду мужчыну не дапусцілі. А неўзабаве прыйшоў адказ: сур'ёзных парушэнняў няма, хіба што трэба прывезці свежага пяску. У той жа час жыхар сцвярджае, што ў падвале поўна смецця, пры гэтым памяшканне не праветрываецца, вокны — забітыя наглуха.

Наступнай прыступкай стаў запіс на прыём да кіраўніка адміністрацыі раёна Аляксандра Дараховіча. Балазе, за дзень да прызначанай даты мінчуку ўсё ж патэлефанаваў дырэктар ЖКГ Заводскага раёна Уладзімір Лебедзь — на прыём іх выклікалі разам. Гэтую папярэднюю сустрэчу па ініцыятыве Сяргея правялі не ва ўтульным кабінеце, а, як той казаў, у гарачай кропцы — каля дома, каб можна было не толькі расказаць аб праблемах, але і паказаць іх наглядна. Убачыўшы непрывабную карціну, дырэктар ЖКГ даў Сяргею асабісты нумар тэлефона, маўляў, тэлефануй — усе праблемы будзем вырашаць напрамую.

На прыёме ў кіраўніка раёна ад абстрактных дамоўленасцяў перайшлі да канкрэтных: рамонт пад'езда, які пакутуе ад перманентнай волкасці, запланаваны на першы квартал наступнага года, узвядзенне адмосткі — на другі.

Зніклыя дзверы і ліфтавы квэст 

Тым не менш Сяргей усё роўна незадаволены: які рамонт, калі каналізацыя працягвае забівацца? У рэшце рэшт неабходна даследаваць трубы і знайсці прычыну, а не змагацца з наступствамі. Праўда, тэрмінаў па гэтай справе пакуль не называюць. І калі вы думаеце, што каналізацыя — гэта адзіная праблема, ад якой жыхары адчуваюць дыскамфорт, то памыляецеся. Спіс пытанняў, якія неабходна вырашыць, уражвае сваёй бясконцасцю.

  Стан пад'­ез­да на пер­шым па­вер­се

Яшчэ адзін глабальны галаўны боль усяго дома — ліфты. Нягледзячы на тое, што Сяргей жыве на першым паверсе і гэта яго, быццам бы, не павінна заклапочваць, ён грунтоўна ўзяўся за рашэнне і гэтай праблемы. Дарэчы, з ёй звязана практычна дэтэктыўная гісторыя: паўтара года таму павінны былі мяняць дзверы ў ліфтах. Прывезлі і ў пасажырскі, і грузавы, але калі ў першым іх усё ж такі ўсталявалі, то ў другім — на жаль. Паўтара месяца яны ляжалі без справы, а потым і зусім зніклі ў невядомым напрамку. Так што цяпер ліфт ламаецца з перыядычнасцю некалькі разоў на тыдзень.

Гэта пры тым, што тэрмін эксплуатацыі ліфтаў ужо выйшаў: ён і так 25 гадоў, а тут маласямейка, то-бок нагрузка яшчэ большая. Дарэчы, дом быў пабудаваны ўсяго ў 1991 годзе, хоць па сітуацыі, якая склалася, і можа здацца, што гэта прывітанне з 50-х ці, у крайнім выпадку, 60-х гадоў. Акрамя таго ў ліфтах не спрацоўвае аўтаматычная сістэма адкрыцця, а на рухомай падлозе яшчэ трэба знайсці кропку, стаўшы на якую, можна націскаць кнопкі, інакш яны ніяк не будуць рэагаваць на вашыя дотыкі. Так што для жыхароў дома паездка на ліфце ператвараецца ў штодзённы квэст на спрыт. Пры гэтым ад адзінай службы 115 прыйшоў адказ, што ліфты пачынены. Ну а што — як ніяк функцыю сваю ж выконваюць, хоць і эпізадычна.

«Давайце працаваць разам» 

Гэтыя «а яшчэ», «а яшчэ» можна расцягнуць ледзь не на ўвесь газетны нумар. Напрыклад, пасля аварыі ацяпляльнай сістэмы ў пад'ездзе лопнулі батарэі, іх замянілі на трубы і астатнюю работу ў прамым і пераносным сэнсе слова замарозілі. Камунальнікі паабяцалі сёлета вярнуць чыгунныя трубы: іх усталююць з іншых дамоў у Чыжоўцы, дзе зараз праходзіць планавая замена. На новыя няма грошай, але ўсё ж лепш, чым амаль нічога.

Таксама Сяргей незадаволены тым, як праводзіцца прыборка, што кантэйнеры смеццязборнікаў наўпрост прылягаюць да пад'езда, што ў доме не працуе пажарная сістэма. Нават тыя пытанні, якія вырашаюцца, не даводзяцца да канца. У доме замацавалі праводку, праклалі яе ў корабы — гэта добра, усталявалі новыя свяцільнікі — таксама, праўда, старыя не знялі, мабыць, пакінулі для дэкору. Самае смешнае — апраўданне, маўляў, няма неабходнага інструмента. Сяргей нават прапанаваў сваю асабістую дапамогу: ён гатовы паўдзельнічаць і ў іншых работах, але ад гэтага ветліва адмовіліся. Тым не менш мужчына вырашыў хоць што-небудзь зрабіць сваімі рукамі і падстругаў драўляныя дзверы ў пад'ездзе, каб яны зачыняліся.

А каб мець больш уплыву і юрыдычнай сілы, Сяргей вылучыўся на пасаду старэйшага па пад'ездзе і, зразумела, быў абраны адзінагалосна. Мужчына прызнаецца, што практычна ўсё жыццё працаваў на сябе, таму прызвычаіўся адстойваць свае правы. Праўда, з камунальнымі службамі сутыкнуўся ўпершыню. Але да ўзаемадзеяння з імі ён рыхтуецца грунтоўна: вывучае нарматыўныя прававыя акты, да таго ж для разумення таго, што адбываецца, дапамагае тэхнічная адукацыя. Дарэчы, Сяргей вядзе групу ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», дзе падрабязна распавядае пра перыпетыі са сваім домам.

— Спадзяюся, нам удасца пазбавіцца ад не надта прыемнай славы пакінутага ўсімі дома на сямі вятрах. І мы будзем жыць з заслужаным камфортам, — падвёў выснову сапраўдны гаспадар.


Пастскрыптум

На гэтым тыдні жыхарам дома прыйшоў адказ ад ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», у якім сказана, што ў ходзе камісійнага абследавання ўстаноўлена, што ў тэхнічным падполлі цечы і засораў трубаправода сістэмы каналізацыі не выяўлена. Прыборка і дэзынфекцыя тэхнічнага падполля ДП «ЖЭУ №6 Заводскага раёна г. Мінска» праведзена, памяшканне знаходзіцца ў здавальняючым санітарным стане. Праёмы падвальных вокнаў у цяперашні час закрыты металічнымі рашоткамі. Адмостка гэтага жылога дома мае выбоіны, часткова адсутнічае. У месцах агульнага карыстання знойдзены дэфекты аздобнага пакрыцця (сколы, выбоіны, расколіны, адслаенне фарбавальнага пакрыцця і тынкавага слою, наяўнасць надпісаў), таксама патрабуецца замена свяцільнікаў. У цяперашні час вядуцца работы па ўстаноўцы святлодыёдных свяцільнікаў. Прыбор ацяплення на першым паверсе знаходзіцца ў працоўным стане, але не адпавядае праектнаму рашэнню (выраблены з трубаправода). Завяршыць работы па ўстаноўцы святлодыёдных свяцільнікаў і ўсталяваць прыбор ацяплення ў адпаведнасці з праектным рашэннем плануецца ў снежні бягучага года.

Работы па рамонце адмосткі і заладцы падвальных вокнаў у жылым доме ўключаны ў план бягучага рамонту на ІІ квартал 2018 года. Бягучы рамонт месцаў агульнага карыстання (МАК) уключаны ў план рамонту пад'ездаў на ІІ квартал 2018 года. У ходзе правядзення бягучага рамонту МАК у паказаным жылым доме работы па аднаўленні пашкоджанага аздобнага пласта ўваходнай групы, агульнага тамбура і пляцоўкі першага паверха, будуць выкананы за кошт сродкаў ДП «ЖЭУ №6 Заводскага раёна г. Мінска».

Зварот будзе знаходзіцца на кантролі да канца чэрвеня наступнага года.

Аўтар: Дар'я Каско


16.12.2017

Комментарии