Фестываль “Арэлі” прайшоў у адным з берасцейскіх двароў

Піша сайт budzma.by:

Выстаўка малюнкаў і фотаздымкаў, імправізаваныя спартыўныя гульні, фры-маркет, майстар-класы па лепцы з гліны і вырабе шпакоўняў, роспіс сцяны, смачныя пачастункі. І ўсе гэтыя актыўнасці, забаўкі — у маштабах аднаго берасцейскага двара. Свята “Арэлі” аб’яднала не толькі жыхароў дамоў на рагу вуліцы Машэрава і бульвара Шаўчэнкі, але і проста неабыякавых гараджан.


Сапраўды, імпрэза ў фармаце дваровага фэсту — пакуль навінка для нас. Неяк так павялося ў беларускіх гарадах, што знікла культура суседства, падтрымкі і клопату тых, хто жыве побач, пра агульны дабрабыт і ўтульнасць супольных тэрыторый. Калі ў вясковых умовах гаспадар клапоціцца не толькі пра саму хату, але і пра тэрыторыю побач, то ў гарадах агульныя мясціны, дзе можна бавіць час разам, ператвараюцца ў нічыйныя і часта аказваюцца занядбанымі.

— Няма агульнага рацыянальнага рашэння пытання, што рабіць гараджанам, каб побыт двара быў уладкаваны, — кажа урбаніст Дзмітрый Бібікаў, які напярэдадні фэсту некалькі разоў сустракаўся з берасцейцамі, у фармаце дыялогу праводзіў сустрэчы з зацікаўленымі. — Часта атрымліваецца, што двары ў нас робяцца безгаспадарнымі: жыхары не імкнуцца нешта змяніць, а гаспадаркам і камунальным службам часам не стае часу, сілаў і сродкаў, каб прасачыць абсалютна за ўсёй тэрыторыяй. Таму найлепшай формай узаемадзеяння можна лічыць дыялог камунальшчыкаў і насельнікаў двароў: толькі яны дакладна ведаюць, што, дзе і як варта зрабіць дзеля паляпшэння ўмоў. Таксама гараджане павінныя быць гатовыя ўкласці ўласныя сілы ў добраўпарадкаванне. Гэта можа быць фінансавы ўнёсак ці проста супольная праца на агульнай тэрыторыі.


Свята “Арэлі”, ды і ў цэлым праект, які ладзіць агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” сумесна з адміністрацыяй Ленінскага раёна Брэста, — выдатны прыклад і сумеснага свята двара, і таго, як агульнымі намаганнямі можна зрабіць гэтыя тэрыторыі больш утульнымі, зручнымі для жыцця і прыстасаванымі для гульняў і адпачынку з дзецьмі.

— Гарадское свята “Арэлі” праводзіцца ў новым фармаце, — распавядае Зміцер Шыманскі, кіраўнік агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. — Яго асноўнымі ініцыятарамі выступаюць мясцовыя жыхары. Прадставіць сваю прадукцыю мы запрасілі мясцовы бізнес, напрыклад, фабрыку марожанага “Цімоша”, пазнаёміць з сучаснымі беларускімі кнігамі завіталі супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Самі жыхары прапанавалі актыўнасці, у якіх можна ўзяць удзел. Мы хочам сфармаваць іншае стаўленне грамадзян да свайго двара, месца, дзе яны жывуць. З савецкіх часоў беларусы маюць такое меркаванне: вы нам усё зрабіце, а мы тут будзем жыць. Маёмасць гараджаніна заканчваецца дзвярыма кватэры, тое, што адбываецца ў пад’ездзе і двары, іх не цікавіць. І гэта заганная з’ява, з якой трэба змагацца. Ніколі не будзе дабрабыту ў двары, калі самі яго жыхары не будуць намагацца гэты дабрабыт і ўтульнасць стварыць.


З цягам часу жыхары двара на рагу вуліцы Машэрава і бульвара Шаўчэнкі сфармавалі ініцыятыўную групу, найбольш актыўна адгукнуліся маладыя мамы. І іх агульная праца ўжо мае плён. Так, тут пасадзілі кусты, якія бацькі разам з дзецьмі даглядаюць. Пафарбавалі сцяну і ўпрыгожылі яе малюнкамі (дарэчы, фарбу даў мясцовы жыхар, які з’яўляецца дырэктарам профільнай фірмы). Сабралі подпісы для ўсталявання і рамонту дзіцячай горкі, якая раней была ў жудасным стане. думаецца, праца будзе працягвацца і надалей: ідзе збор подпісаў за ўсталяванне ў двары “ляжачага паліцэйскага”: ён тут проста неабходны, бо на скрыжаванні каля дамоў часта ўтвараюцца транспартныя заторы, якія кіроўцы імкнуцца аб’ехаць праз двор.

Як правільна наладзіць дыялог мясцовых жыхароў з уладамі? Як распачаць працэс збору подпісаў і аформіць зварот у адміністрацыю раёна? З кансультацыяй па гэтых пытаннях якраз і дапамагае агенцтва “Дзедзіч”. Так, на сайце dzedzich.org можна знайсці формы неабходных дакументаў, запоўніць іх і накіраваць у райвыканкам.

— Гэта пробны праект. Калі ён атрымаецца, калі атрымаецца наладзіць супрацоўніцтва з уладамі, знайсці неабыякавых і актыўных жыхароў, мы зможам пераносіць свой досвед працы і на іншыя двары горада, — дадае Дзмітрый Шыманскі. — З мэрам Берасця ідэю абмяркоўвалі яшчэ год таму. І яна знайшла падтрымку. Сапраўды гарадскія ўлады зацікаўленыя ў тым, каб укладаць грошы ў справы, дзе яны будуць абараняцца мясцовымі жыхарамі ад вандалізму, сацыяльнай пасіўнасці грамадзян. Уладам горада хочацца, каб у кожным двары склалася група актыўных грамадзян, якія апякуюцца дабрабытам, клапоцяцца пра сродкі, намаганні, укладзеныя ў добраўпарадкаванне.


Дарэчы, “Арэлі” паказалі і ўдалы прыклад узаемадзеяння многіх устаноў. Так, школа №13 дапамагла зладзіць конкурс малюнкаў “Мой двор”, настаўнікі фізкультуры з гэтай установы цэлы дзень забаўлялі малечу. Бібліятэка імя Пушкіна арганізавала бук-кросінг, дапамогу атрымалі ад дзіцячага садка №25, мастакоў, музыкаў. Даша Салашэнка правяла майстар-клас ігры на хангу, а хлопчык Улад, які пакутуе на аўтызм, не пасаромеўся прадставіць свае фотаздымкі на выстаўцы.

Прааналізаваўшы ўжо праведзены фэст і падвёўшы вынікі працы, у “Дзедзічы” звернуць увагу на тое, як варта расставіць акцэнты ў гэтай справе ў будучыні. Магчыма, больш увагі нададуць адукацыйнай частцы, каб навучыць мясцовых жыхароў камунікаваць, вырашаць канфлікты, фармаваць каманду. Магчыма, будзе патрэбны досвед працы ў справе наладжвання супрацоўніцтва са СМІ.


Але, думаецца, вынік ужо бачны. Ён — ва ўсмешках на тварах дзетак, захопленых гульнямі і майстар-класамі, у светлых позірках дарослых, якія радуюцца, што двор стаў утульным і зручным. Ды і ў добразычлівых водгуках. Напрыклад, Ларыса Ячнік, якая жыве тут ужо больш за 40 гадоў, адзначае, што змены, што адбыліся падчас рэалізацыі праекта ў ладзе жыцця двара, можна ацаніць толькі станоўча. Ёсць дзе бавіць час з унукамі, суседзямі.

24.07.2017.